Белы гарлачык (Савицкий) - страница 2

Васіліна пачынае глядзець на столь. Там таксама мільгаюць шэрыя няроўныя плямы, святлеюць, расплываюцца, зноў гусцеюць і раптам зліваюцца ў абрысы нейкага твару. Кучаравыя валасы варушацца, бровы дрыготка выгінаюцца: па ўсяму твару блукае лагодная ўсмешка. «Якая прыгожая дзяўчына,— думае Васіліна,— але чаму ў роце цыгарка? Не, гэта — хлопец. Вядома ж!»

Сэрца пачынае стукаць гулка, быццам нехта пстрыкае сагнутым пальцам па вокладцы кніжкі, што ляжыць на грудзях. Васіліна ўглядаецца ў абрысы незнаёмага твару на столі, але там ужо няма ніякіх абрысаў, а толькі скачуць дрыготкія цені. Гэта вецер наляцеў на дрэва, галіны выгінаюцца, лісце трапечацца.

Пад гамонку лісця нараджаюцца ў Васіліны тужлівыя думкі: «Непаблажлівы твой лёс, Васіліна. Непаблажлівы. Зрабілася выдатнай тынкоўшчыцай — добра. Прэмію далі перад святам — таксама добра. Але навошта тая прэмія, і ці ў гэтым шчасце? А калі не ў гэтым, то ў чым жа? У дваццаць чатыры гады трэба гэта ўжо ведаць... Дзяўчаты паехалі на маёўку ў лес. Там весялосць, хлопцы. Адэля казала, што сёння будзе танцаваць толькі з Міколам, каб Сцяпан дужа не задаваўся і нос угару не задзіраў. Шанцуе людзям... А ўсё прыгажосць! Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе ўвіваюцца. А Васіліна нават не ведае, што такое пацалунак... Яе ніхто з хлопцаў не запрашаў на гулянкі, ніхто не чакаў дзе-небудзь у садочку ці ля ракі. I, відаць па ўсім, чакаць не будуць... Васіліна непрыгожая.

Раней, калі вучылася, такіх думак не было: яна ведала, што знойдзе сваё шчасце, выйдзе замуж, будзе мець сям’ю, дзяцей. Нічога гэтага няма. Тое вялікае і незразумелае, але чаканае з дня на дзень, не прыйшло і, здаецца, ужо не прыйдзе. Гэтулькі дзяўчат панарасло!.. Маладыя, прыгожыя. I вучоба скончана. I працуе Васіліна ўжо даўно. Яе ніхто не пакахаў. Што ж застаецца? Чакаць? Чаго? Каго? I адкуль? Да трыццаці гадоў?..

Васіліна злосна загортвае кнігу.

— I няхай. Мне ніхто не патрэбен. Ніхто!

На столі скачуць сонечныя плямкі, Васіліна толькі цяпер думае здзіўлена пра тое, адкуль маглі з’явіцца яны на столі. «Сонца свеціць зверху, а цені таксама на столі? А-аа! Люстра кладзе адбітак...»

Цені нагадваюць Васіліне Дзвіну ў паводку. Яна заплюшчвае вочы і выразна бачыць раку, крыгі, што наплываюць адна на другую і пеняць вакол сябе ваду. Мільгаюць у думках цудоўныя малюнкі, ад якіх трошкі кружыцца галава, соладка і прыемна замірае сэрца. Можа ж здарыцца такое, што на крызе апынецца маленькая дзяўчынка. Тады Васіліна смела кінецца ў ваду, выратуе яе, але сама захварэе і памрэ. Усе збяруцца вакол труны, будуць хваліць яе ўчынак, шкадаваць, што не заўважалі раней такой мужнай дзяўчыны. Нават заплачуць некаторыя, асабліва той хлопец з шостага ўчастка, які працуе там кранаўшчыком. У сэрцы Васіліны гэта ўсё роўна не выклікае спагадлівасці: так і трэба... Няхай!..