Белы гарлачык (Савицкий) - страница 4

Васіліна падбегла да шафы, усміхаючыся зняла з вешалкі стракатае летняе плацце. Спакавала ў чамаданчык рэчы, якія маглі б спатрэбіцца на рацэ, але пайшла з пакоя не адразу: пастаяла трошкі, разважаючы аб нечым. Ёй здалося: нешта такое дужа важнае не зроблена. Позірк упаў на паліцу з кнігамі. «А-аа! Вунь што. Ледзьве не забылася». Яна адкрыла чамаданчык і паклала туды кніжку, у якой апавядалася пра цудоўную дзяўчыну Васіліну.


2

Даехаўшы да лесу на аўтобусе (машыны рэйсавалі спецыяльна на гэты дзень), Васіліна доўга шукала сваіх сябровак. Яна шукала іх ля столікаў, пастаўленых проста ў засені ялін, ля шэрых бочак, у якіх стаялі вялікія бляшанкі з марожаным, пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік танцавалі на траве. Адэлі нідзе не было, і Васіліна, ужо зусім страціўшы надзею знайсці яе ў гэтым вялікім па-святочнаму стракатым натоўпе, зноў выйшла на гасцінец. Але ўбачыла яшчэ больш позніх пасажыраў, якія, смеючыся і размахваючы клуначкамі, выскаквалі з аўтобусаў. Васіліна ўзрадавалася, што не апошняй прыехала на лясное свята.

За гасцінцам пачынаўся сасновы гай. Дрэвы раслі рэдка, сонца добра прыпякала шурпатыя, таўшчэзныя ствалы, і ад іх аддавала гарачынёй, моцна разагрэтай смалой. Сосны цягнуліся да самага яру, у гэтых месцах крутога і высокага, апавітага вузлаватымі, пад колер чырвонай гліны, карэннямі. Ля вады, як і ў лесе, стракацелі хусткі дзяўчат, на чаўне іграў гармонік.

Стаміўшыся ад доўгіх пошукаў, Васіліна знайшла сабе месца на беразе і легла на гарачым ад сонца пяску. Побач са смехам і жартамі кружыліся вакол каменя дзяўчаты. Яны паклікалі яе на даламогу, і Васіліна ахвотна пайшла да іх.

Вывернуўшы камень, дзяўчаты адкацілі яго ўбок і паселі на ім. Васіліне за асаблівую стараннасць далі першае месца. Камень быў халодны, быццам з жалеза зроблены. Потым дзяўчаты пабеглі купацца. Разам з усімі Васіліна пырскалася вадой, з падробленым жахам войкаючы ад халодных кропель, гушкалася на хвалях, якія пакінуў за сабой кацер, гуляла ў валейбол, каб сагрэцца.

Мячык быў цяжкі і коўзкі — дзяўчаты паспелі ўжо намачыць яго ў рацэ. Васіліна даўно не была на валейбольнай пляцоўцы і таму гуляла з нейкім смешным пачуццём сарамлівасці за гэты дзіцячы занятак. I ўсё ж ранейшы спрыт жыў у яе руках: пальцы на кароткае імгненне дакраналіся да мяча, і ён узлятаў высока ў паветра. Нехта, ударыўшы няўдала, выбіў мячык за круг. Васіліна павярнулася, хутка і лёгка, нібы вавёрка, скочыла ўслед за ім. Падаючы на пясок, яна кароткім ударам перахапіла мячык, і ён зноў узляцеў у самую сярэдзіну ігракоў.