Белы гарлачык (Савицкий) - страница 5

Хлопцы, што стаялі непадалёк, заварушыліся. Адзін з іх заўважыў:

— Спрытна!

Ён стукнуў па шакаладных ад загару грудзях, зухавата насунуў квадратную белую шапачку, зробленую з насоўкі, і дадаў:

— Нешта цыганскае... Аго-оонь дзяўчына! Пайшлі знаёміцца...

Дзяўчаты дазволілі стаць хлопцам у круг. Васіліна гуляла цяпер і хвалявалася, як гэта часта было на экзаменах у школе, а калі гульня скончылася, ёй зрабілася нават трошкі крыўдна. Хлопец у белай шапачцы падышоў да Васіліны і сказаў ні то жартам, ні то сур’ёзна:

— Вы добра гуляеце. Пазайздросціць можна...

— Што вы! — Яна адчула, што чырванее.— Зусім дрэнна... Развучылася...

Знаёмячыся з хлопцам, Васіліна назвала сваё імя і адразу ж адчула, што разгубленасць знікла. У пахвальных словах яна пачула ненатуральнасць і глыбока захаваную кпіну. Погляд яе зрабіўся падазроным і недаверлівым. А хлопец ёй спадабаўся адразу ж! У яго быў загарэлы твар, і таму вялікія сінія вочы здаваліся незвычайна светлымі і зубы, калі ён усміхаўся, таксама незвычайна белымі, бялявымі былі і бровы. I імя ў яго трошкі смешнае — Віцька. Ён так і сказаў «Віцька», папрасіў гэтак зваць яго, дадаўшы, што ён да таго прывык і ўсе ягоныя сябры іншага імя за ім не прызнаюць.

У горад яны вярталіся разам. Час быў яшчэ ранні. Васіліна ахвотна адмовілася ехаць на аўтобусе і згадзілася ісці берагам ракі. Гэта, праўда, трошкі далей, але затое цікава. Ды і як было адмовіцца, калі Віцька так настойліва прасіў...

Яна ішла басанож па пясчанай стужцы, што намыла вада на прыберазе. Туфелькі нёс у чамаданчыку Віцька. Часам хвалі колка казыталі ногі, і яна смяялася. У маленькім заліўчыку, сярод рознага багавіння, якое размерана гойдалася ад плыні, Васіліна ўбачыла белую кветку.

— Глядзіце, гарлачык! Белы гарлачык!

Віцька храбра рынуўся ў ваду, дастаў гарлачык, абтрос яго і падаў Васіліне:

— Шчаслівыя! Такія гарлачыкі на рацэ рэдка стрэнеш...

Сарамліва і ўдзячна ўсміхаючыся, яна ўзяла з віцькавых рук кветку. Белыя пялёсткі, запакаваныя ў зялёныя крышачкі, яшчэ развінуліся слаба, сярэдзіна гарлачыка была закрыта. Васіліне здалося, што яна трымае ў руках цудоўную казачную скрыначку, аздобленую смарагдамі, якую нельга адчыняць і глядзець, што там у сярэдзіне, бо тады, як гэта гаворыцца ў казцы, сама скрыначка знікне. Асцярожна кратаючы пялёсткі, яна папрасіла:

— Будзем шукаць. Можа яшчэ знойдзем...

Сярод багавіння тырчаў светла-зялёны, падобны на сліву, гарлачыкавы пухірок. Віцька хацеў сарваць і яго, але яна сказала, што рваць няможна, трэба пачакаць некалькі дзён. Ён згадзіўся. Расцвіўшых гарлачыкаў больш нідзе не было. Ля берага расла востраканечная асака, якая ад сонечнага бляску здавалася жаўтаватай і шамацела на ветры, як пасохлы чарот увосень. 3 нейкім жалобным крыкам ляталі над вадой птушкі. Васіліна прыслухоўвалася да гэтых птушак і адчувала: у сэрцы то знікае, то паяўляецца незразумелая дваістасць, падазроная недаверлівасць да Віцькі і баязлівасць таго, што ён можа знікнуць і яна застанецца адна.