Белы гарлачык (Савицкий) - страница 7

— Заўтра ў кіно пойдзем. На другі сеанс. Буду чакаць ля тэатра...

Васіліна адчула, што дужка чамаданчыка зрабілася гарачай, рука з ёю спацела. Вейкі ў яе здрыгануліся, і яна, зрабіўшы выгляд, што нешта трапіла ў вока, узялася церці яго. Нечаканая прапанова ўзрадавала, але Васіліна наважылася было, як гэта вучыла яе Адэля, згадзіцца не адразу. Падумаўшы пра тое, яна спалохалася, што Віцька можа пакрыўдзіцца, змяніць свой намер, і адказала таропка:

— Добра. Я прыйду.

Віцька ўсміхнуўся весела. Яна развіталася сарамліва, не ўзнімаючы вочы, а калі адышлася, то азірнулася, паглядзела яму ўслед. Віцька крочыў па вуліцы, хістка паводзячы плячыма, быццам матрос, які нядаўна пакінуў карабель і сышоў на зямлю. 3 пачуццём ласкавасці, якое раптоўна прыйшло да яе, Васіліна падумала: «Харошы». I ад таго, што нават у думках адважылася на такое, яна спалохалася, дакранулася рукамі да шчок: «Ай, што гэта я... Ці ж можна?!»

Узбіралася яна на замчышча хутка, лёгка пераскакваючы прыступкі лесвіцы.


3

Брыгада, у якой працавала Васіліна, атынкоўвала фасад жылога дома. З рыштаванняў ёй быў добра выдзён горад у зеляніне дрэў, што пышна забуялі ў апошні год і кідалі на зямлю наямлю шырокі цень. За цэнтральнай плошчай, ля замкавай гары, стужкай лягла Дзвіна, якая адсюль, з рыштаванняў, здавалася зусім не блакітнай, а крышачку зеленаватай, пад колер лісця. На павароце ж рака была шырокай. Здаецца, адтуль яна ўбачыла горад, калі ішла разам з Віцькам.

Прайшло ўжо амаль з тыдзень пасля таго дня. Сустракалася яна з Віцькам кожны дзень.

Яны забіраліся ў самыя зацішныя куткі скверыкаў і сядзелі там да змрокаў. Яна саромелася людзей і толькі ўвечары, калі яны шпацыравалі па алеях скверыка, дазваляла яму ўзяць яе пад руку.



Віцька расказваў пра рамонтны завод, дзе працуе шафёрам.

Ён быў дужа ласкавы, і яна пачынала верыць кожнаму яго слову. Смешнымі здаваліся ёй жахі тады, на рацэ. Адэля, праўда, не хваліла яе за такія паводзіны і сказала, што трэба даведацца спачатку, што гэта за хлопец такі, а потым ужо нешта рашаць. Васіліна не слухалася такіх перасцярог, яна казала, што Віцька слаўны, не такі, як іншыя. А сябе ўпікала: «Навошта я пахвалілася знаёмствам. Віцька правільна папярэджваў, каб яна нікому не казала. Цяпер Адэлі ні слоўца яна не скажа. Досыць!»

Аднойчы, скончыўшы працу, яна хуценька паабедала ў трэстаўскай сталоўцы і пабегла ў інтэрнат. Прыбегла ў свой пакой і адразу ж стала пераапранацца. Адчыніла шафу, дзе віселі плацці, і задумалася: «Мо гэтае, у кветкі? Не, надзявала яго ўчора. Касцюмчык ужо трошкі паношаны. Для тэатра ён не падыдзе...»