Белы гарлачык (Савицкий) - страница 8

Віцька запрасіў яе сёння ў тэатр. Яна рыхтавалася да гэтага вечара, адчуваючы нешта вялікае і сур’ёзнае. Позірк спыніўся на шаўковым плацці, якое было пашыта да майскага свята, але Васіліна ў ім так і не была на вуліцы. Ад радасці яна пакруцілася і заспявала.

— Ха-ха-ха! — засмяялася Адэля.— Вось як гіне наша сястра! Памятаеш, што раіла мне ў нядзелю? «Плацце прасцей... Туфлікі пашкрабаеш...» А сама?.. Ха-ха-ха!

— Ай, сціхні!.. Што, як не спадабаюся яму сёння?

— У гэтай сукенцы? Дзівачка. Ён — твой цяпер. Павер мне. Які ж ён, растлумач!

— Ён?.. Ведаеш...Ну, я ж табе казала — шафёр.

— Не, ты мне падрабязней. Які з твару...

— Ну... Вочы ў яго такія светлыя, харошыя!

— Давай лепш «бэзам». У мяне рука на хлопцаў шчаслівая. А твайго мне б паглядзець адным вокам. Я табе ўсё пра яго адразу скажу,— пырскаючы духамі, раіла Адэля.— А ты дзеўка нішто, калі прыбралася...

«Паглядзець? Бачыш! Пакажы, а ты адаб’еш яго ў мяне»,— раўніва падумала Васіліна, расчэсваючы непаслухмяныя валасы.

— Досыць! Досыць! Куды ты льеш столькі! — смеючыся, казала яна, і ўвесь час на яе твары блукала радасная ўсмешка, а вочы блішчалі.

Гэты ўзнёслы настрой цяжка было схаваць. Васіліна ішла па вуліцы, і ўсе людзі здаваліся ёй вясёлымі.

Віцьку, які стаяў непадалёк ад тэатра і чытаў афішу, яна пазнала адразу. Ён быў у шэрым касцюме, жоўтых туфлях на тоўстай гумавай падэшве і трымаў у руках невялічкі пакунак, загорнуты ў газету. Вітаючыся з ім, яна папрасіла дараваць за спазненне і таму не заўважыла, што Віцька таксама крыху бянтэжыўся, здзіўлена аглядаючы яе з галавы да ног. Але калі яна ўзняла вочы, ягоны твар ужо быў вясёлы і трошкі самаўпэўнены.

— Гэта мне прабачэння прасіць. Білетаў не дастаў. Раскупілі... Можа проста пойдзем куды-небудзь?

Васіліна ўзрадавалася, што білетаў няма. Толькі цяпер яна падумала пра тое, аб чым раней не разважала. Калі яны пойдуць у тэатр, прыйдзецца ўваходзіць у залу, дзе на іх будуць усе глядзець, магчыма, знаёмыя, прыйдзецца саромецца, адказваць на прывітанні, нешта казаць пра Віцьку. Гэтага яна не хацела і згадзілася ісці з ім, каб застацца адзін-на-адзін. Яна была рада за тое, што ён зразумеў яе пачуцці і прапанаваў пайсці з тэатральнай плошчы.

Ідучы разам з Віцькам па вуліцах, Васіліна неяк таропка адказвала на запытанні, пра нешта пярэчыла, але спрачалася неахвотна, нясмела і адчула сябе вольна толькі тады, калі яны, даехаўшы аўтобусам да прыгарада, выбраліся на палявую дарогу, зрэзаную глыбокімі, але прасохлымі калдобінамі.

Ішлі павольна. Сонца яшчэ высока стаяла над лесам. Сярод бярозавага ўзлесся, куды яны трапілі, збочыўшы з дарогі ля масточка, стаяла цішыня, якая бывае пасля гарачага летняга дня. Дзве ялінкі, кучаравыя, з доўгімі і густымі лапкамі, ганарліва выглядалі з бярэзнічку.