Неафіцыйна аб афіцыйных (Томкович) - страница 47

Для мяне новае прызначэнне з’явілася ў нейкім сэнсе сапраўдным выклікам, бо работы стала больш і погляды на некаторыя рэчы трэба змяніць. Пакуль падабаецца. Спадзяюся, што тыя, чыста практычныя моманты, якія ўзнікаюць, калі ствараеш амбасаду, з цягам часу адыдуць убок. У мінулым было прасцей. Калі існавала аддзяленне, я працаваў там адзін. Можна сказаць, кіраўнік і падначалены ў адным твары. Зараз сітуацыя змянілася Да адміністрацыі амбасады ўзнікае шмат патрабаванняў, і гэта ў нейкім сэнсе стамляе. Спадзяюся, што праз некаторы час усё ўсталюецца.

Летам быў у Швецыі на нейкіх курсах. Адзін з выкладчыкаў казаў, што самае галоўнае для кіраўніка зрабіць так, каб была магчымасць самому не рабіць нічога. Канешне, такое не атрымліваецца, але, сапраўды, вельмі добра, калі ёсць таленавітыя калегі, якія з задавальненнем бяруцца за новыя заданні. Зразумела, калі чалавек прызвычаіўся ўсё рабіць сам, то яму трэба ў галаве зрабіць нейкую перабудову, асэнсаваць – ёсць людзі, якім можна перадаць частку сваёй работы.

— У Беларусі вы ўжо тры гады. Значыць, у наступным годзе трэба чакаць звычайную для дыпламатаў замену?

— Не. Мяне прызначылі яшчэ на тры. У суме, відаць, будзе шэсць год.

— Ведаю, што вы за гэты час вельмі шмат ездзілі па Беларусі, кантактавалі з людзьмі. Што больш за ўсё ўразіла? Прапаную абмежавацца толькі культурай.

— Адбылося так шмат значных і цікавых падзей, што адзін эпізод выдзеліць вельмі цяжка.

Мае вывучэнне беларускай мовы адчыніла нямала дзвярэй да культурнага жыцця Беларусі.

Кантакты з дзеячамі культуры, пісьменнікамі, музыкантамі, мастакамі, акцёрамі дапамаглі лепш зразумець беларусаў, Беларусь, вашу гісторыю. Ды і ў чыста чалавечым плане яны пакідаюць моцны адбітак.

Даволі часта сустракаюся з пісьменнікамі, хаджу на канцэрты, розныя музычныя фэсты, выставы, у тэатр. Я мог бы толькі гэтым і займацца, бо запрашаюць даволі шмат, аднак, на жаль, не ўсюды магу паспець. Але мінімум раз у адзін-два тыдні імкнуся такое ўражанне атрымаць.

— Наколькі мне вядома, Вы займаецеся не толькі вывучэннем беларускай культуры, але і дапамагаеце беларусам больш пазнаёміцца са шведскай?

— Так, і гэта не менш важна. Мы з здавальненнем паказваем беларусам лепшыя ўзоры шведскай культуры, старажытнай і сучаснай. Цікава, калі адбываюцца нейкія перакрыжаванні, а паміж прадстаўнікамі двух культур узнікаюць пэўныя кантакты.

— Даводзілася чуць, што Вас нават трэба прызначыць беларускім міністрам культуры. Канешне, гэта жарт. А зараз абсалютна сур’ёзнае пытанне. Вы, не глядзячы на тое, што існуе шмат варыянтаў перакладу на рускую мову, дапамаглі выдаць “Карлсана, які жыве на даху” і “Пэпі Доўгая панчоха” менавіта па-беларуску. Чаму?