Неафіцыйна аб афіцыйных (Томкович) - страница 48

— Адразу хачу падкрэсліць, што гэта не мы, не амбасада. Канешне, наша падтрымка была, але сама ідэя ўзнікла не ў мяне. Яна належыць беларускім энтузіястам. Мы толькі дапамаглі ўстанавіць кантакты са Шведскім інстытутам, які палічыў, што гэта вельмі добрая ідэя. Аказалася, што раней былі пераклады на беларускую мову твораў нашай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн. Вось “Браты Львінае сэрца”.12 тысяч асобнікаў. Для 1997 года, пагадзіцеся, вельмі не дрэнна. Трохі пазней выйшла “Кніга Лота”. Гэта дапаможнік па вывучэнні англійскай мовы.

Ведаю, што водгукі на дзве выданыя кнігі былі вельмі станоўчымі, а перакладчыкі зараз рыхтуюць працяг, бо таго ж “Карлсана” пакуль што выйшла толькі першая частка. Мару, што будуць пераклады іншых твораў шведскіх пісьменнікаў. І гэта не толькі казкі, але і сучасная шведская літаратура. Спадзяюся таксама, што беларускія выдаўцы будуць праяўляць цікавасць і надалей. А што датычыцца ўзгаданых кніг, то яны былі выдадзены менавіта на беларускай мове невыпадкова, а для таго, каб у бацькоў і дзяцей такая магчымасць была ўвогуле.

Магу таксама дадаць, што зараз ёсць некаторыя дасягненні і ў перакладзе беларускай літаратуры на шведскую мову. У нас былі надрукаваны два вашых твора. Першы выпадак, калі перавод рабіўся непасрэдна з беларускай мовы на шведскую, а не “праз” рускую, як гэта было наконт кнігі “Кар’ер’” Васіля Быкава. На гэты раз аповесць Быкава “Аўганец” пераклалі “без пасрэднікаў”. Як і кнігу Барыса Пятровіча. Як вядома, яго “Фрэскі” даволі аб’ёмная рэч. На шведскай мове будзе не ўсё, а толькі падборка літаратурных эсэ.

— “Аўганец” перакладалі Вы?

— Не. Гэта зрабіў прафесійны шведскі перакладчык, які прыязджаў сюды некалькі разоў. Раней ён валодаў толькі рускай мовай, а зараз перакладае і з беларускай. А Пятровіча перакладаў ваш суайчыннік Зміцер Плакс, які даўно жыве у Швецыі. Ён ужо здольны перакладаць на шведскую мову. Так што нейкая база для такой работы створана, і гэта дае надзею на тое, што “працэс пойдзе”.

— За тры гады вы праехалі амаль усю Беларусь. Што ўразіла больш за ўсё?

— Калі гаварыць пра прыроду, то гэта Белавежская пушча. Я быў там некалькі гадоў таму. Вельмі спадабалася і Палессе. Летам адпачываў на Прыпяці. Цяжка было дайсці, аднак я дабраўся да сапраўднага беларускага балота.

А вясной гэтага года быў у азёрным краі, на Браслаўшчыне. Прыродныя мясціны там унікальныя.

Даводзілася бываць і на Нарачы.

— На фота вы таксама каля вады?

— Гэта Пціч. А ў руках – водныя лыжы.

— Вы на іх катаецеся?

— На жаль, гэтым летам пакатацца атрымалася не так шмат. То з’язджаў, то не вельмі спрыяла надвор’е. Натуральна, што, як швед, я валодаю і звычайнымі лыжамі, і горнымі. А водныя асвоіў толькі ў Беларусі. Так атрымалася, што выпадкова ўсім калектывам паехалі на вядомую лодачную станцыю. Каб зразумець, што гэта такое, адзін раз паспрабаваў. Спадабалася. Водныя лыжы сталі маім чарговым хобі. Мінулым летам мы былі там усёй сям’ёй, і мае дзеці таксама паспрабавалі водныя лыжы. І ім таксама спадабалася.