Белы гарлачык (Савицкий) - страница 10

Над яе тварам навіслі тонкія лапачкі ялінкі. Васіліна прыкрыла павекі. Сіняе неба над галавой стала подобным на вялікае возера, шыпулькі склаліся ў абрысы нейкага карабельчыка. Вось ён пагойдаўся, пагойдаўся і паплыў морам. I раптам чорная калматая хмара напаўзла на яго, праглынула. Васіліна расплюшчыла вочы і войкнула ад жаху: па шыпульках поўз вялікі чорны жук:

— Ай, Віценька! Жук, які страшэнны!.. Во ён, во, на шыпульках...

Віцька даў жуку пстрычку. Жук адляцеў некуды ўбок. Ёй зрабілася шкада жука, і яна лёгка, сама здзіўляючыся сваёй смеласці, кранула віцькаву руку:

— Навошта? Ён жа нічо...

Яна не дагаварыла, адчуўшы на сваіх вуснах губы; спалохалася, заплюшчыла вочы і ляжала нерухома, баючыся нават пакратаць рукой, прыслухоўваючыся да таго незвычайнага, што робіцца ў сэрцы. Гарачыня разлілася па твары. Васіліне здалося, што нехта дужы ўзняў яе і нясе да вялікага вогнішча, ад якога патыхае гарачынёй і цяжка дыхаць...

Віцька цалаваў яе ў шчокі, бровы, шыю. Яго рукі паспешліва гладзілі валасы, расшпільвалі плацце... Васіліна расплюшчыла вочы, адштурхнула Віцьку:

— Не трэба, не трэба! Што вы робіце?

Ён цягнуў яе да сябе, гладзіў, прасіў сесці. Васіліна баранілася ад яго рук і паўтарала, быццам просячы прабачэння:

— Навошта гэта? Не трэба, не трэба!

Нечакана Віцька прыўзняўся, тузануў яе за руку, злосна вылаяўся:

— Недатычкай якой прыкідваецца! Глядзі ты! Насатая...

Яна паглядзела на яго, разгублена міргаючы. За адно кароткае імгненне пранеслася ў думках усё тое, што адбылося за апошнія дні. Ясакар пад акном. Пярэстая мярэжка на столі. Знаёмства ў лесе. Бляск сонца і вады. Коўзкі мячык. Белы гарлачык і, падобны на сліву, пухірок сярод рачнога багавіння. Сівы палын на замчышчы. Вечаровы шэпат лісця ў скверыку. Ласкава ўсміхаецца высокі хударлявы хлопец. Ён сарамліва гаворыць, што білетаў няма. Але чаму такая дваістасць у ягоных вачах?

Васіліна палахліва ўбачыла, што віцькаў твар змяняецца. Усе такія родныя абрысы адплываюць некуды далёка, далёка, знікаюць і нараджаюцца другія вочы. Не, гэта ўжо незнаёмы ёй чалавек. Недзе яна бачыла такі твар. Але дзе? Ліхаманкава круціліся ў галаве думкі... Не, прыгадаць цяжка... I зноў цягнуцца гэтыя рукі... Яна адштурхнула яго і закрычала:

— Сорамна гэта! Брыдка!

Штуршок быў не так што моцны, але Віцька, які цягнуўся да Васіліны, не чакаў гэтага і паваліўся пад ялінку.

Васіліна кінулася бегчы. Слёзы туманілі ёй шлях. Адна і тая ж думка штурхала яе ў плечы, прымушала бегчы, не спыняючыся: «Якое ён мае права? Якое?..»

Усё яшчэ сінявае неба вісела над зямлёй. На траву клалася раса. Сцежка скончылася. Вось той масток, дзе яны збочылі. Васіліна ўзбегла на дарогу. Чорныя туфлікі абляпіў густы пыл, і яны зрабіліся вялікімі і непрыгожымі. Яна хацела абдерці іх, сарвала жмуток травы. Удалечыні паявілася віцькава постаць. Васіліна кінула траву і шпарка, не аглядаючыся, пакрочыла ў бок горада.