Белы гарлачык (Савицкий) - страница 11


* * *

Прайшло некалькі дзён. Васіліна нічога не сказала сваёй сяброўцы Адэлі пра выпадак, што адбыўся ў лесе. Але думкі аб ім штохвілінна круціліся ў галаве. Думаючы пра той вечар, яна прыгадвала сіняе неба, маладыя ялінкі, усміхалася і шукала апраўданне паводзін Віцькі. Калі яна ўжо зусім наважвалася ва ўсім дараваць яму, у памяці ўсплывалі словы абразы, і рашэнне прападала.

Учора брыгадзір пасварыўся на яе за дрэнна зробленую тынкоўку. Адэля заўважыла неяк жартам, што Васіліна гаворыць ноччу скрозь сон. Яна спагадліва маўчала і зрабілася надта клапатлівай. Ад гэтага Васіліне было яшчэ цяжэй, а расказваць пра ўсё сяброўцы яна не жадала.

У суботу праца была асабліва цяжкая. Васіліна ішла ў інтэрнат, схіліўшы галаву, адчуваючы ў руках і плячах цяжкую стомленасць. Дзверы пакоя былі незамкнёныя. Адэля некуды пайшла. Васіліна падумала, што на раку па ваду сёння не пойдзе. Рачная вада патрэбна была ёй на тое, каб даліваць у шклянку, дзе стаяў белы гарлачык, які дастаў тады Віцька на рацэ. Яна ведала, што гэта не можа ажывіць кветку і ўсё ж хадзіла на раку штодня, змяняла ваду ў шклянцы і сумна паглядала на гарлачык. Гарлачык ужо не цвіў, пялёсткі засыхалі патроху. Але сэрца не хацела пагадзіцца з гэтым. Недзе глыбока ў ім жыло чаканне нечага вялікага і харошага.